Виртуальный музей ансамбля ПЕСНЯРЫ
Информационная страничка Хронологии Энциклопедия Библиотека Участники Медиа


Вачамi Кiяўлян

Якiх уражанняў, якой праграмы чакалі слухачы? Відаць, меркаваць пра гэта цяжка. Слава "Песняроў" вырасла на іх мудрым і таленавітым падыходзе да народнай песні. Кампазітар А. Пятроў неяк сказаў, што "Песняры", па сутнасці, стварылі наноў баларускую эстраду..." Так, "Песняры" ўзгадавалі новы, свой, асаблівы стыль, яны, па сутнасцi, сталі сімвалам беларускага эстраднага музычнага мастацтва. Прычым, народная песня не прымусіла кіраўніка ансамбля У. Мулявіна абмежавацца ў рабоце аранжыроўкамі: народная песня, наадварот, як бы памагла пераадолець тую замкнёнасць, якую ўтойвае ў сабе ўсялякая спецыялізацыя, падштурхнула развіццё ўласнага творчага таленту кіраўніка і ўсіх музыкантаў. Прынамсi, успамінаючы пра даўно знаёмыя "Александрыну", "Завушніцы", "Беларусь" У. Мулявіна, цяжка адмовіцца ад "думкі-мастка" да прыроды беларускага характару.

Кіеў пабачыў і пачуў оперу-прытчу "Песня пра долю" па матывах драматычнай паэмы Я. Купалы "Адвечная песня". Гэта было прынцыпова новае, не зусім бездакорнае, але вельмі цікавае відовішча. Затым мы даведаліся пра паэму-легенду "Гусляр". На жаль, гэты музычны спектакль у Кiеве так i не быў паказаны, і ўяўленне пра яго можна было атрымаць толькі паводле пласцінкі з запiсам "Гусляра".

Уражанне гэтае аказалася складанае. Цяжка растлумачыць, напрыклад, чаму выканаўца партыі Князя А. Кашапараў чытае купалаўскiя радкi, якія заключаюць твор ("Лет за сотню звёў час..."). "Песняры" — менш за ўсё акцёры, сіла іх — у выразнасці музычнай (тым больш — у грамзапісе), i растлумачыць такі "выяўленчы прыём" нейкай тэатралізацыяй, "здыманнем акцёрамi масак" проста немагчыма. Не падалося неабходным дабаўленне высокага жаночага голасу: аснова ж ансамбля — тэнары, i высокі жаночы голас не выглядае тут дарэчнай фарбай. У колішніх артыкулах Т. Абакумоўскай, Н. Завадскай, I. Зубрыч мы прачыталі ўзнёслыя словы ў адрас песні-маналога Гусляра ў выкананні У. Мулявіна. Нельга сказаць, што ў грамзапiсе маналог гучыць гэтак жа пераканаўча, як, мусiць, на сцэне. Невядома, як склалася б успрыняцце "Гусляра", каб яно было паўнацэнным, г. зн. калі б была ў кіяўлян магчымасць не толькi чуць музыку, але і бачыць пастаноўку спектакля...

Сапраўдным святам быў прыезд да нас "Песняроў" з праграмай каляндарна-абрадавых песень.

I вось — першы канцэрт новых гастроляў "Песняроў" у Кіеве.

У праграмах ансамбля, як правіла, гучыць значная, вялікая паэзія. Вядомы зварот "Песняроў" да твораў Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, М. Танка, Я. Еўтушэнкi... Але на працягу многіх гадоў не перарываецца асаблівае стаўленне да творчасцi Янкі Купалы: "Песня пра долю", некалькі паасобных песень, паэма-легенда "Гусляр"... I вось цяпер, у першым аддзяленні новай праграмы, гучаць песні Уладзіміра Мулявіна на дарэвалюцыйныя вершы ЯнкІ Купалы.

Цыкл песень як бы заключаны ў пэўныя лагічныя рамкі. Пругкая, быццам маршавая, песня-ўступ збірае ўвагу слухача, прымушае эмоцыі сканцэнтравацца i напружыцца. Гэта— зварот да слухача і да Часу...

Гучанне музычных нумароў не перарываецца каментарыямі, i мэтаскiраваны заклік уступу раствараецца ў зачараваным кружэнні ціхамірнага пачуцця наступнай песні — "Пакахай мяне, дзяўчынка". Дзякуючы пеўчаму тэмбру і манеры выканання саліста В. Дайнекі твор паўстае як бы "з успамінаў". Такі баладна-апавядальны характар спеваў уражвае асабліва, спрыяе больш паслядоўнаму раскрыццю глыбокага лірызму песнi.

Лірыка-трагiчны цэнтр праграмы — маналог "Не глядзі..." у выкананні А. Кашапарава. Маналог, дзе туга бязмежная і безвыходная, ціхая i бяссільная, туга, праз якую, абвастраючы боль, прарываюцца ўсплёскі адчаю перад беспрасветнай беднасцю i адзiнотай...

Цікавыя жанравыя прыкметы аб'ядноўвае ў сабе песня, якая заканчвае інтымна-лірычны накірунак цыкла. Гэта — песня "Паніч і Марыся" (саліст — I. Пеня). Фальклорны лад верша ахінаецца тут у рамансава-камернае гучанне. У апошнія гады ў аранжыроўках "Песняроў" з'яўляюцца рысы камерна-інструментальнага гучання. У інструментальных фрагментах і гэтай песні клавішныя і смычковыя арганічна і чыста гучаць, як камерны аркестр.

Песня на верш "Разлад" ("Куды ні глянеш...") — Паэтаў боль ад уладарнага несправяд-лівага лёсу, ад выгляду загнаных і зняважаных. Звонавы ўступ песні, саркастычныя моўныя інтанацыі маналога, нарэшце, манера У. Мулявіна-саліста адкрыта і рэзка "кідаць" у залу сваю партыю, — усё гэта ўздымае роздум паэта на вышыню вострых эмоцый.

А "Ну, як тут не смяяцца" — прыпеўкi, іранічныя і выкрывальныя. У іх — трапныя замалёўкі: вось надзьмуты пан — нядаўні базарны гандляр, вось — доктар-хабарнiк, а вось — ксёндз-ханжа.

Не абмінуты ў цыкле і жанр жартоўнай песнi. Вальсападобная "Як Людкi не бачу" (салiст А. Кашапараў) напісана i выканана светла і немудрагелiста, у стылі прыгожага бытавога гарадскога фальклору. "3 кірмашу" ў выкананні А. Дзямешкі — сакавітая вясковая сцэнка. Выступленне ўдарнiка амсамбля А. Дзямешкі ў якасцi саліста-вакаліста, як i раней, эпізадычнае, але вельмi каларытнае.

Завяршаецца купалаўская праграма нізкім і пачцівым паклонам вялікаму пакутнаму сэрцу Паэта — песняй на тэкст верша "Я не паэта" (саліст — У. Мулявін). Высакароднае і эмацыянальна шчырае такое завяршэнне праграмы, у якім э густам і гонарам захавана прастата i кранальнасць купалаўскага пачуцця.

...На жаль, радасць сустрэчы з цікавай работай "Песняроў" не была бясхмарнай. Адчуваецца сур'ёзны і, пэўна, пакутлівы шлях У. Мулявiна да пераадолення моўнага бар'еру пры імкненнi максімальна захаваць арыгінал. Але чаргаванне арыгінальных і перакладных тэкстаў ніяк не садзейнічае ўмацаванню лагiчнай стройнасці пабудовы ўсяго цыкла (стройнасці, якая з музычнага i драматургічнага боку вытрымана iдэальна!)

Не хочацца ўпадаць у старэчыя нараканні — маўляў, штосьці "завельмі", штосьці "празмерна", штосьці "раней было лепш", — але ёсць яшчэ адна заўвага, якая датычыць данясення да свядомасці слухача слова і думкі. У выкананні ансамбля няма безумоўнай культуры прамаўлення слова. Віна гэта артыстаў ці віна гукарэжысёраў (ёсць мясціны, дзе дакучлівымі адчуваюцца ўдарныя, бас-гітара)?.. Магчыма, прычына — у акустычных умовах? Так альбо інакш, праблема тут ёсць.

Другое аддзяленне канцэрта парадавала толькі часткова. Зусім пановаму "Песняры" раскрыліся ў песнях піяніста ансамбля Ігара Паліводы, напісаных на вершы Роберта Бёрнса. Гэта — эксперымент, якІ ўдаўся. Гэта — "Песняры", якiя пацвердзілі, што ўмеюць усё: прачула і тактоўна прадставіць паэзію Янкі Купалы і дакладна адчуць джазавы пульс, арганічна ўвесці ў свой склад iнструменты, характэрныя для джаза — банджо, тэнар-саксафон. Значна багацейшай і больш разнастайнай стала работа "Песняроў"-інструменталістаў; адметная свядомая работа музыкантаў і над "інструментальным" характарам гучання вакалу. Вакал — сольны і ансамблевы — натуральна ўплятаецца ў інструментальную тканіну, становіцца раўнапраўнай яе часткай. (Такі прыём ужыты ў самых розных па стылі, жанры і тэме творах: у песнях "Пакахай мяне, дзяўчынка" і "Я не паэта", "Зачараваная" і ў "Песні старой маркітанткі" з бёрнсаўскага цыкла).

Аднак міні-праграма на вершы Р. Бёрнса ў сваёй цэласнасці і замкнёнасці абсалютна ізалявана ад таго, што гучыць побач. А побач — што толькі ні гучыць! Забягаючы наперад, скажу, што па фармальнай задуме (на практыцы — па-за ўсялякай логікі) канцэрт заканчваецца песняй I. Лучанка на словы А. Ставера "Жураўлі на Палессе ляцяць". Пасля гэтага ідзе "біс": "Санет Шэкспiра" В. Рэзнікава — прыгожа, але гэта НЕ "ПЕСНЯРЫ"!; вельмі сумніцельная — "Я ўсё той жа" і ўжо знаёмая нам беларуская народная песня "Каляда". Асноўны час другога аддзялення заняты незраэумелай мешанкай: "Кожны чацвёрты" Ц. Хрэннікава, "Зачараваная" I. Лучанка, "Аvе, Магіа" У. Мулявiна, "Я не магу інакш", "Слухай, цешча" А. Пахмутавай... Не ад усякай праграмы варта патрабаваць прынцыпу "мона", а без элемента ўвесяляльнасці эстрада перастае быць эстрадай, і ў рэпертуары "Песняроў" заўсёды былі "песні-паўзы", "песні-перадышкі" (зусім не значыць, што гэтыя песнi засмечвалі рэпертуар, нягледpячы на тое, што характэрнымі, "песняроўскімi" яны не былi). Але калі ў адной праграме, побач, гучаць творы, што называецца, усіх часоў i народаў, гэта насцярожвае: ці не шмат "перадышак"? Ці не завельмі рэзкi паварот ад першага аддзялення, напоенага сапраўднай вялікай творчасцю, — да беспрынцыповага і камякаватага другога?..

Відаць, ёсць тут пэўныя сур'ёзныя падставы.

Эстраднае мастацтва развівалася, як вядома, паралельна з ідэяй увесялення. Адпаведна — досыць аднабока — выхоўваліся i адносіны слухача да эстрады. 3 раслаўсюджваннем масавага захаплення эстрадай чамусьці знiзілася слухацкая патрабавальнасць да выканаўцаў. Асабліва гэта стала прыкметна з узнікненнем вялікай колькасці так званых вакальна-інструментальных ансамбляў (дарэчы, цяжка знайсці больш недакладны тэрмін!). У той жа час з агульнай — велiзарнай! — масы ад народных выканаўчых груп вылучылася маленькая колькасць калектываў, у рабоце якiх з самага пачатку зразумелай была сур'ёзная творчая пазіцыя. (Сярод іх і "Песняры") . А дзейсная думка не можа спыніцца на ідэі чыстага ўвесялення — яна закранае і праблемы, якія вымагаюць ад слухача не толькі пасіўнага "паглынання" і дрыгання ў такт нагой, але і актыўнай свядомасцi i актыўнай эмацыянальнасці. Для фарміравання такой актыўнасцi неабходны свядомы слухацкі, слухацка-аналiтычны вопыт. А скуль жа ўэяцца падрыхтавамаму, адукаванаму слухачу эстраднага канцэрта? Гэта пытанне вялікай размовы.

Словам, пакуль што крышталізуецца аўдыторыя слухачоў, у якіх эстрадная апаратура выклікае толькi адну асацыяцыю: увесяленне. Таму для прафесіяналаў — тэарэтыкаў і практыкаў — час прадумаць і наладзіць сувязь са слухачом так, каб знікла з канцэртных залаў слухацкае спажывецтва, якое тармозiць творчае развіццё, бывае, нават сапраўдных паўпрэдаў савецкай эстрады.

В. МАНЕТАВА.

Кіеў.

ЛІТАРАТУРА I МАСТАЦТВА 25.III.1983

Сканы стр. 1

Прислала Ольга Монетова-Фёдорова

Назад к списку статей


Пожалуйста, поддержите финансово данный проект

Перевод на счёт PayPal


© Терёхин Дмитрий 2004-2017