Виртуальный музей ансамбля ПЕСНЯРЫ
Информационная страничка Хронологии Энциклопедия Библиотека Участники Медиа


Слова Маякоўскага гучыць

3 новай работай "ПЕСНЯРОЎ" пазнаёміліся кіяўляне

Успамінаючы двухгадовай даўнасці гастролі ансамбля "Песняры" ў Кіеве, можна было цяперашняму прыезду калектыву не ўзрадавацца. Адсутнасць хоць якой прадуманасці ў праграме, няўдалыя замены салістаў у выкананні даўно вядомых твораў, уключэнне ў рэпертуар песень, якія нічога не дадаюць, — наадварот, змяншаюць прэстыж знакамітага ансамбля, прыкрае жангліраванне асобнымі нумарамі, штучна выхапленымі з зусім розных цэласных праграм, — усё гэта зрабіла тады ўражанне самае неспрыяльнае. Думалася: як ні шкада — усяму на свеце прыходзіць канец!

Але вось мінула два гады, і "Песняры" прывезлі нам 100-мінутную кампазіцыю, альбо, як напісана ў праграмцы, "музычны спектакль" па творах У. Маякоўскага. (Каб крыху пазней пагаварыць пра аўдыторыю, заўважу адразу, што праграма загадзя абвешчана не была).

Маякоўскага мы не ведаем. Наша сістэма ўсеагульнай сярэдняй адукацыі зрабіла ўсё для таго, каб замкнуць паэта ў сіняблузнае кола "агитаторов, горланов-главарей", стварыць для яго загон усеагульнага аднабокага ўспрымання (а часцей — неўспрымання). На гэтым фоне фундаментальны зварот эстрадных музыкантаў да творчасці Маякоўскага выглядае, па меншай меры, арыгінальным. Што ж за ёй, за гэтай арыгінальнасцю?

Праграму, створаную Уладзiмірам Мулявіным, нялёгка ўспрыняць з аднаго праслухоўвання: дваццаць рознахарактарных нумароў, якія гучаць без антракту, не адразу складаюцца ў адзінае цэлае. Аднак у знешне сюітнай пабудом праграмы ёсць ясная логіка і зразумелыя ўнутраныя сувязі. Пагаворым пра гэта крыху падрабязней.

Кампазіцыя аб'яднана адным скразным прынцыпам, прычым, прынцып гэты iснуе не прымітыўна, у якасці фармалькага "стрыжня", а — у разаіцці, пераўтвараючыся, нібы працінае ўвесь вобразны лад спектакля. Гэты прынцып — музычна-тэматычныя і інтанацыйныя сувязі.

Праграму пачынае iнструментальны ўступ i маналог "На ўвесь голас", якія рэфрэнам з'явяцца яшчэ некалькі разоў — у пераломныя моманты — i вызначаць рамкі, умоўна кажучы, раздзелаў спектакля.

А спектакль падзяляецца на дзве часткі. У першай пачынаецца, разгортваецца і, увогуле, завяршаецца развіццё лірычнай тэмы. Маякоўскі — лірык агромністы, нейкіх сусветных маштабаў. Ды не сустрэнеш у ягонай паэзіі лірыкі "чыстай" — лірыкі дзеля сябе самой: у яго абавязкова ўзнікае або сарказм у адносінах да самога ж сябе, альбо боль, абвостраны да зубнога скрыгату, альбо — наадварот — кранальная прастата i зразумеласць пачуццяў, і часта — вобраз, незвычайны да парадаксальнасці. I паўсюль — нават у самым звычайным — прынцыповае супраціўленне будзёншчыне, нягледзячы ні на што — выхад за рамкі звыклай, банальнай штодзённасці. Такая лірычная паэзія вымагае ад музыканта i падыходу асаблівага, адэкватнага. I У. Мулявін такі падыход знайшоў.

"Я сразу смазал карту будня..." — вось ён, запеў лірычнага апавядання. Акордавая фактура суправаджэння эмацыянальна абвастрае праграмнае значэнне гэтага нумара, а "публіцыстычны" выканаўчы стыль У. Мулявіна-вакаліста нібы спецыяльна створаны для абвяшчэння крэда.

Далей — расквечваецца і шырэе, набываючы ўсё больш дакладныя абрысы, сфера ўнутранага, звонку як быццам надзейна абмроненага, жыцця "поэтиного сердца". Тут — і спрадвечная малечая яснасць, заключаная ў такую ж, амаль да схематызму падкрэслена-"квадратную", сіметрычную куплетпую форму ("Што такое добра..."), і зварот да паўдзіцячай радасці з прычыны ўжо зусім недзіцячай — адмаўленне ад курэння ("Я шчаслівы!"). Тут — і амаль драматычны "Сакрэт маладосці", пра які не пабаюся сказаць, што пэўная пераакцэнтоўка, зробленая аўтарам музыкі, сталася на карысць вершу.

Адзін з найбольш цікава знойдзеных эквівалентаў самаіроніі Маякоўскага — фрагмснт паэмы "Воблака ў штанах". Як Маякоўскі не баіцца прызнавацца ў любові зусім не галантна-закругленым радком, як не бянтэжыць яго нават парушэнне граматычных норм ("...Вы любовь на скрипки ложите..."), як не баіцца ен быць няўклюдным "не мужчиной, а — облаком в штанах" (і абавязкова — у "штанах", а не ў "брюках"!) — гэтаксама, у гэтым жа лагічным радзе — саркастычны вальс, які абрамляе меладычны астравок — пяшчотнае прызнанне моцнай душы.

(Увогуле, заўважу, што ў спектаклі "На ўвесь голас" прыкметнае ачышчэнне кампазітарскай мовы У. Мулявіна ад колішніх надакучлівых рамансава-бытавых інтанацый не лепшага ўзору).

"Нічога не разумеюць" ("Зайшоў да цырульніка...") — напаўаптымістычная гульня вясёлага розуму, які ламае стэрэатыпы, — яркі эстрадны нумар.

Кульмінацыя лірычнага "раздзела" праграмы, прарваная лавіна адчаю — "Лілечка (замест пісьма)". Гэта — прадказанне таго наспелага, пражытага надлому, які завяршае ўсю праграму, выявіўшы, адкрышталізаваўшы, неабдымную чалавечую сутнасць паэта. У кантэксце цэлага спектакля гэты твор мае сваё неабходнае месца — чаго не скажаш, калі слухаеш яго ў зборнай праграме.

I вось — новая якасць, прарыў у вышэйшае, супыненне руху знешняга і вольны няспешны палёт пачуцця. "Паслухайце!" (саліст — В. Дайнека): чароўнае кружэнне, прыкметы імправізацыйнага развіцця, пэўная адцягненасць — тая самая, якая разам з тэмай уступу з'явіцца ў фінале спектакля, — так заканчваецца першы "раздзел" праграмы "На ўвесь голас".

"Уважаемые товарищи потомки..." — маналог "На ўвесь голас" (сола У. Мулявіна), цяпер ужо ў больш поўным аб'ёме, вызначае грань, за якой пачнецца другая палавіна спектакля, цалкам заснаваная на сатырычнай тэме. Невялікая інструментальная прадмова, не звязаная з вакальнымі нумарамі, напоена рэтра-водарам. Гэтае "рэтра" ўмоўнае і іранічнае: усё, што мы пачуем, на жаль, з намі сённяшнімі стасуецца не менш, чым з нашымі папярэднікамі з 20-х гадоў.

Па традыцыі жанравымі фарбамі абмаляваны сольныя выступленні А. Дзямешкі ("Падліза", "Апошні крык"). Радасна, што няма ў гэтых выступленнях недарэчнага "хахмацтва" (што здаралася ў ранейшых праграмах).

Усе сэнсавыя асновы спектакля звязаны з сола Уладзіміра Мулявіна. Практычна заўсёды — незалежна ад жанравых прыкмет — гэта прамы, вочы ў вочы, зварот да гледача. Музычна-тэматычна (і амаль — па думцы) тоесныя нумары — "Падліза" і "Служака". Але калі "Падліза" — гэта музычна-сцэнічны фельетон, то "Служака" ў выкананні У. Мулявіна наўрад ці выкліча ўсмешку, і ад таго, што па форме гэта — прыпеўкі, злавесная сутнасць зместу не блякне.

Цяпер скажу пра адну якасна новую дэталь, заўважаную ў гэтай рабоце.

Нягледзячы на неаднаразовыя сцвярджэнні кіраўніка калектыву, што "Песняры" — выключна музыканты і не прэтэндуюць на якія-небудзь тэатралізаваныя вырашэнні на сцене, неабходнасць рэжысёрскага погляду, сур'езнай увагі да пластыкі рабілася ўсё больш відавочнай (спектакль "Песня пра долю" ў гэтым сэнсе не быў зусім прафесійны). У праграме "На ўвесь голас" рэжысёрская работа вельмі далікатная, пазначаная добрым густам, арганічна знітаваная з самім музычна-паэтычным творам і з работай мастака па касцюмах (рэжысёр-пастаноўшчык С. Віннікаў, мастак па касцюмах М. Эфрос). Выкананне асобных нумароў рука пастапоўшчыка кранула толькі там, дзе гэта не было ва ўрон агульнай цэласнасці спектакля. Так, натуральна, эстэтычна выглядае (менавіта выглядае — у сукупнасці музычнай і рэжысёрскай трактовак) нумар "Прыклад, не варты пераймання".

Вышэйшы пункт развіцця сатырычнай тэмы і раскрыцця выканаўчага майстэрства — "Прозаседавшиеся": вельмі дасціпна пастаўленая сцэна (плюс — "дзейныя" элементы касцюмаў) і, вядома, квінтэт а капэла — "фірменная марка""Песняроў"!

Духам найвысокай агульнай, музычнай, выканаўчай культуры нумара "Прозаседавшиеся" падрыхтавана логіка яго непасрэднага стасунку са шчырым і трагічным зваротам да Леніна. "Размова з таварышам Леніным" не можа прайсці незаўважна: знікаюць напластаванні электроннага гучання, адыходзіць (цяпер ужо назусім, да канца спектакля) гратэскавасць, і ачышчана, нібы на споведзі — не перад папом, а перад самой сутнасцю і праўдай жыцця — гучыць: "Двое в комнате. Я и Ленин..." 3 музычнай мовай гэтага маналога можна наспрачацца: ёсць у ім і пампезнасць, якая накіроўвае памяць да вобразнага ладу песень пра "вождя и лучшего друга народов" 30 — 40-х гадоў, і пэўныя непераадоленыя цяжкасці музычнага ўвасаблення верша Маякоўскага. Аднак у кантэксце ўсёй праграмы "Размова з таварышам Леніным" — гэта кульмінацыя, вяршыня працяглых маральных пошукаў, пэўны — услед за Маякоўскім, цвярозы і горкі — вынік, за якім — новая бездань праблем... Музычная акаймоўка вяртае зацёртым у школьных праграмах вершам іх жывую сутнасць, з паэта скідаецца непрамікальны панцыр манументальнасці, уваскрашаецца яго пакута — бязмежная і магутная, з якой калі і звяртацца — дык толькі што да Леніна...

I менавіта вобраз Маякоўскага-Чалавека, аграмаднага — "сплошное сердце" — робіцца апошнім штрыхом спектакля, заканчваючы яго гармонію і ў той жа час абрываючы, ламаючы яе на паўслове — так, як абарвалася жыццё паэта.

"...Ты посмотри, какая в мире тишь..." — гэта ўжо аднекуль адтуль, з незямнога, гэтым радкам не патрэбна амузычванне, яны самі — музыка, і Уладзімір Мулявін іх чытае — на фоне ціхай тэмы ўступу з "Паслухайце!". Але і тут — як на грані "раздзелаў" спектакля, толькі яшчэ больш рэзка, балюча — і тут гэты чарадзейны рух разбураецца імпульсіўнай тэмай-рэфрэнам, якая знітоўвае музычную драматургію ўсёй праграмы. Нявырашаны, па сутнасці, загнаны ў тупік боль Паэта — "Я знаю силу слов..." (на інтанацыях маналога "На ўвесь голас") і такі ж непрыкаяны боль Чалавека — музычны перазоў з нумарам "Лілечка" — вось адкрыты фінал спектакля, пераканальнае ўвасабленне трагічнай незавершанасці жыцця Уладзіміра Маякоўскага.

А цяпар — пра прозу ўзаемаадносін спектакля "На ўвесь голас" (адпаведна — амсамбля "Песняры") з кіеўскай публікай.

Эстрада, прынамсі, музычная эстрада — жанр, які традыцыйна вымагае пастаяннага абнаўлення — абнаўлемня тэм, музычнай мовы, знешняга аблічча выканаўцаў. Для таго, каб быў сэмс такія патрабаванні жанру выконваць i, галоўнае, каб, выкананыя, яны даходзілі да "спажыўца", г. зн. слухача-гледача i засвойваліся ім, патрэбна высокая аператыўнасць і высокая ж культура сродкаў масавай інфармацыі. Тут — і спецыяльныя рубрыкі, i адпаведныя перыядычныя выданні, перадачы радыё i ТБ, і рэклама, і... і... і... Калі ўсё гэта працуе на таленавітага выканаўцу — тады ў яго ёсць шанц своечасова сфарміраваць свайго гледача і весці гэтага гледача за сабой, развіваючы, мадэрнізуючы яго густ і не губляючы глядацкую цікавасць да свайго мастацтва, якое таксама развіваецца.

Ашаламляльны поспех працы "Песняроў" над беларускай народнай песняй быў невыпадковы i трымаўся вельмі доўга. Але ўжо дасягнуты поспех — гэта адно, а праграма "на заўтра", неабходнасць рухацца, развівацца — гэта крыху іншае. "Песняры" ўзяліся за новыя для сябе формы — опера-прытча, каляндарна-абрадавы цыкл народных песень, купалаўская праграма, цыкл песень на вершы Р. Бёрнса — і рэальна знайшлі свежыя фарбы, абнавілі сваю мову, узбагацілі інструментарый... Але не заўважыць падзення глядацкага здаровага ажыятажу вакол калектыву (ва ўсякім выпадку, у Кіеве) немагчыма. Адышлі ў легенду "лішнія білецікі", бясконцыя "бісы", натоўп вакол сцэны ў канцы канцэрта... Што гэта? Дэградацыя амсамбля? Дык не ж, наадварот...

"Песняры" дзякуючы перпетуум-мобіле стваральнага таленту У. Мулявіна, ідуць сваім, надзіва індывідуальным шляхам, асвойваюць новыя тэмы, новыя прыёмы, новы ўзровень майстэрства, а "паважаны публікум" (як гаварыў герой кінафільма "Цырк") і не думае рухацца з месца, у масе сваёй усё чакае "Александрыну"... Чаму так? Ды таму, што агульная культура глядзельнай залы на эстрадным канцэрце, у асноўным, катастрафічна нізкая, таму, што ў гэтай зале мала хто спрабуа задумацца і зразумець: таленавіты выканаўца абавязкова так альбо іначай рассоўвае запраграмаваныя рамкі свайго жанру — гэта, зрэшты, і ёсць мастацтва.

У "Песняроў" пакуль яшчэ хапае сілы перамагаць і прывабліваць iнертнага гледача, і гэта выдатна даказаў тыдзень гастроляў у Кiеве: страшна сказаць, колькі людзей пакідала канцэрты ў першыя дні, да канца ж гастроляў больш-менш сфарміравалася першапачаткова зацікаўленая аўдыторыя. Але ці клопат гэта калектыву на гастролях? Гледачы проста павінны ВЕДАЦЬ, куды яны прыйшлі. А зірніце, чаго варты адны толькі афішы з аскетычным пералікам прозвішчаў "у слупок"...

А зрэшты, — закончым лепш гаворку пра мастацтва.

Не магу не адзначыць выдатную выканальніцкую форму "Песняроў": не помню, калі ў апошні раз вакал У. Мулявіна, В. Дайнекі быў у такім выдатным стане, нарэшце зніклі рэгістравыя "стыкі" ў I. Пені. I ўсё ж ад аднаго папроку я не ўстрымаюся: як і некалькі гадоў назад (і мне даводзілася тады гаварыць пра гэта на старонках "ЛіМа"), у асобных нумарах праграмы бракуе ці то артыкуляцыйнай выразнасці вакалістаў, ці то чуйнасці гукарэжысёраў, ці то зашмат дэцыбелаў. Што б там ні было, а У. Маякоўскі варты таго, каб кожнае яго слова было пачута.

За час гастроляў "Песняроў" не раз даводзілася чуць, што, маўляў, немагчыма было ўявіць сабе праспяванымі "Размову з таварышам Леніным", "Некалькі слоў пра маю маму" і іншыя вершы Маякоўскага...

Дзякуй, "Песняры"!

Вольга МАНЕТАВА.

г. Кiеў.

ЛІТАРАТУРА I МАСТАЦТВА

26.VIII.1988

Сканы стр. 1 стр. 2

Прислала Ольга Монетова-Фёдорова

Назад к списку статей


Пожалуйста, поддержите финансово данный проект

Перевод на счёт PayPal


© Терёхин Дмитрий 2004-2017