Виртуальный музей ансамбля ПЕСНЯРЫ
Информационная страничка Хронологии Энциклопедия Библиотека Участники Медиа


"Песняры". "Песняры"?

Наша кіеўская чытачка В. Манетава прыслала гэты ліст неўзабаве пасля сёлетніх гастроляў ансамбля «Песняры» ў сталіцы Украіны. 3 яе ўражаннямі — часам палемічнымі, але шчырымі, з яе шмат у чым слушнай ацэнкай работы вядомых беларускіх музыкантаў мы знаёмім чытачоў «ЛіМа».

Што такое cлава? Наколькі яна даўгавечная? Што яе жывіць? Ў чым прычына яе канца?

На жаль, менавіта гэтыя праблемы, а не сакрэты даўгалецця ў мастацтве, не ўражанні ад высокай творчасці займаюць думку ў сувязі з сёлетнімі гастролямі ў Кіеве ансамбля «Песняры».

Прыгадайма кіеўскія сустрэчы з «Песнярамі» за апошнія дзесяць гадоў: кожны прыезд ансамбля быў адметны новай цікавай работай. 1978 год - музычны спектакль опера-прытча «Песня пра долю» па матывах паэзіі Янкі Купалы; 1980-ы — цыкл беларускіх народных каляндарна-абрадавых песень у апрацоўны кіраўніка ансамбля Уладзіміра Мулявіна; 1983-ы — праграма песень У. Мулявіна на вершы Янкі Купалы цудоўны дар таленавітых людзей памяці Песняра! Кожны прыезд «Песняроў» быў для нас значнай падзеяй, кожная новая праграма была якасна вышэй — і ў сэнсе аўтарскай работы У. Мулявіна, і ў сэнсе выканаўчага майстэрства ўсяго калектыву, і ў сэнсе сур'ёзнага эксперыментавання (напрыкла, піяніст ансамбля I. Палівода атрымаў магчымасць рэалізаваць свае кампазітарскія дадзеныя ў цыкле песень на вершы Р. Бёрнса; у выкананне ўводзіліся характэрныя для джазу прыёмы і г. д.).

I вось зноў — «Песняры». «Песняры»?

Прыязнасць публікі да ансамбля даказвалася на працягу гастроляў тым, што вялікая зала Палаца спорту была стабільна запоўнена. I глядач-слухач, відавочна, чакаў ад даўно вядомага і любімага калектыву знакамітага «фірменнага» гучання песняроўскага вакалу - ансамблевага і сольнага - тагo, што, прынамсі, і ўтварае выканаўчае аблічча «Песняроў». Падкрэслю: не паўтору старога рэпертуару чакаў слухач, не, ён хацеў пачуць новыя творы, у якіх пацвердзіліся б высокія каштоўнасцi індывідуальнасці выканаўцаў.

Перад пачаткам канцэрта голас дыктара папярэдзіў, што, «паводле задумы рэжысёра», гэтая праграма выконваецца без антракту. Крыўдна, калі прафесіяналы раскідваюцца такімі словамі, як «рэжысёрская задума». Ні пра якую рэжысуру песняроўскага канцэрта не можа быць і гаворкі! Няма дакладнай кампазіцыйнай структуры праграмы. Весці канцэрт без антракту - ідэя яўна не рэжысёрская (тым больш, што праграма сама па сабе падзяляецца на часткі). I ўзнiкае не надта прыемная думка: ці не з'явілася такая «ідэя» ад няўпэўненасці ў тым, што глядач даседзіць у зале да канца канцэрта?

Падзелім умоўна праграму такім чынам: беларускія народныя песні; песні з цыкла «Праз усю вайну»; песні сучасных савецкіх аўтараў; творы У. Мулявiна (акрамя яго «ваеннага» цыкла).

Вось - беларускія пародныя песні. «Хлопец пашаньку пахае», запісаная на пласцiнку каля дзесяці гадоў назад. «Ой, дожджык ідзе», таксама досыць вядомая, «Каляда» — старонка праграмы каляндарна-абрадавых песень.

У колiшняй гутарцы з аўтарам гэтых радкоў адзін з музыкантаў, які працаваў у калектыве з часу яго стварэння, сказаў, што канцэртны рэпертуар «Песняроў» фарміруецца шляхам «натуральнага адбору» (маюцца на ўвазе зборныя праграмы). Гуга значыць, у залежнасці ад сталай рэакцыі залы на працягу пэўнага часу. Сёлета нам не паказалі ніводнай новай апрацоўкі народнай песні — такім чынач, трэба думаць, тыя тры народныя песні, якія ўсё-такі «прарваліся» ў песняроўскую гастрольную праграму, карыстаюцца пастаянным поспехам. Ды цяжка ў гэта паверыць, седзячы ў зале сярод млява (і не заўсёды) апладзіруючай публікі... Гэта зусім не азначае, што названыя апрацоўкі не маюць мастацкай каштоўнасці. Аднак...

Напрыклад, «Каляда» гучыць высакародна і натуральна ў цыкле каляндарна-абрадавых песень, як фрагмент калядавання. Але, вырваная з цэлага, яна набывае нейкае, проста скажам, «балаганнае» адценне. Дарэчы, у тым жа каляндарна-абрадавым цыкле ёсць творы, якія, думаю, без выдаткаў і паспяхова можна было б перанесці ў зборную эстрадную праграму.

I яшча адно. Здзіўляе на некаторых канцэртах падкрэсленая «халоднасць» музыкантаў да глядзельнай залы. Не сакрэт, што глядач далёка не заўсёды бывае чулым, але ў яго заўсёды ёсць права разлічваць на прафесіяналізм чалавека, які выходзіць на сцэну. А прафесіяналізм ёсць стабільнасць: стабільнасць выканаўчага ўзроўню, стабільнасць павагі да гледача, стабільнасць эмацыянальнасці. Адзін раз натхнёна праспяваць песню здатны кожны... Праграма ж ансамбля «пракручваецца» ў нейкім фарсіраваным тэмпе. Што гэта? Ад чаго? Стомленасць ад штодзённых двух канцэртаў? А як жа тады з прафесійнай стабільнасцю?..

Цяпер — пра песні сучасных савецкіх аўтараў. У асноўным гэта творы Ігара Лучанка, які шмат гадоў супрацоўнічае з «Песнярамі». Не будзем зараз аналізаваць творчасць кампазітара, раўнацэннасць або нераўнацэннасць яго песень, што выконваюцца ў канцэртах. Пагаворым пра іншае. Сярод шасці прадстаўленых у праграме песень I. Лучанка — творы розных гадоў: ад напісаных у нядаўні час да, мабыць, дзесяцігадовай даўнасці, добра знаёмых слухачам і любімых імі. Ды за гады, якiм мінулі з часу прэм'еры прызнаных песень, у складзе ансамбля адбыліся прыкметныя змены. Цяпер, да прыклад, «Вераніку» (словы М. Багдановіча) спявае не Л. Барткевіч, а I. Пеня. Ігар Пеня займае у ансамблі прыкметнае месце, шмат саліруе як вакаліст, іграе на розных інструментах. Але, думаю, няма сэнсу ў такім аднаўленні даўняга рэпертуару, калі новы выканаўца (няхай добры, ало - іншы), бярэцца за ўжо зробленае папярэднікам, і зробленае ўдала, значна. Не знаходзіць I. Пеня новых цікавых штрыхоў у той жа «Вераніцы» - проста фармальна дубліруе чужую натхнёную работу.

Песню I. Лучанка (словы народныя) «Добры вечар, дзяўчыначка» сёння выконвае У. Мулявін. Наіўна было б цяпер даводзіць значнасць асобы гэтага чалавека для існавання ансамбля «Песняры» — гэта ўжо даказана і праверана часам. Але абаяльнасць выканання гэтай несні А. Кашапаравым знікла! Дзіўна, калі людзі — таленавітыя людзі! — уласнаручна губяць сваю ж добрую работу. Дзіўна!

Працяглы час у ансамблі было чатыры салісты-тэнары з прынцыпова рознымі ролямі ў праграмах. Артыстычныя тэмпераменты ў спалучэнні з адметнымі тэмбрамі Валерыя Дайнекі, Анатолія Кашапарава, Леаніда Барткевіча, Уладзіміра Мулявіна (як вакаліста) фарміравалі пэўныя вакальна-сцэнічныя амплуа. I ад кожнага з салістаў, як правіла, слухачы чакалі індывідуальнай жанравай афарбоўкі выканання (гэта, у прыватцасці, ярка нацвердзіла размеркаванне роляў у «Песні пра долю»). I ў гэтым сэнсе ўзаемазамяняльнасці без мастацкіх страт у «Песняроў» быць не можа!

Засмучае яшчэ вось што. Доўгі час «Песняры» дадатна вылучаліся з масы ансамбляў, якія прапагандуюць старую моду акампанаваць вакалістам на пастаянным fortissimo (першынство тут належыць ударнікам). I раптам «Песняры» прапаноўваюць нам менавіта такі стыль! Нейкім здзекам у адносінах да вакалістаў выглядае гэтае спаборніцтва: хто каго? Толькі і ачуньвае слых, калі гучаць «А ў нядзелечку спараненечку» ды асобныя эпізоды некаторых іншых песень.

Дружнымі апладысментамі сустракаецца цяпер толькі «Белавежская пушча» А. Пахмутавай, і гэта зразумела: яе выканавец В. Дайнека ў дадзеным выпадку мае своеасаблівае аўтарскае права (шкада толькі, што i тут не абышлося без, даруйце, сумніцельнага «гумару» ўдарнiка А. Дзямешкі). Дарэчы, адзначу добрую вакальную форму В. Дайнекi.

Нельга не парадавацца заўсёды высокаму ўзроўню аранжыровак у «Песняроў». Нават песні, якія ўвогуле не назавеш традыцыйна «песняроўскімі» («Пах палыну», «Я ўсё той жа» і некаторыя іншыя), аранжыраваны выдатна, «апрануты» ў ясную, зграбную, цікавую па фактуры форму. Ад праграмы да праграмы расце майстэрства «Песняроў»-інструменталістаў.

Сёлета кіяўлянам былі прадстаўлены дзве новыя буйныя працы У. Мулявіна: цыкл «Праз усю вайну», прысвечаны 40-годдзю Перамогі, і творы на вершы У. Маякоўскага.

Цыкл «Праз усю вайну» прыхільнікі ансамбля маглі пачуць ужо двойчы: Цэнтральнае тэлебачанне паказвала і аднайменны дакументальны фільм, і запісаную ў канцэртнай зале праграму «Песняроў». Але на гастрольных канцэртах мы слухалі пад назвай «Праз усю вайну» пяць песень.

У кампазітарскім пісьме У. Мулявіна апошнім часам відавочна адна тэндэнцыя. Яна не новая, але так ярка і, я сказала б, не зусім прыемна яна дасюль не праяўлялася: гэта - упартая перавага ў музычнай мове, з аднаго боку, тыпова рамансавых інтанацый, з другога боку, — інтанацый, даруйце, кабацкіх і «вагонных» песень. Такія асацыяцыі досыць дарэчныя ў песні «Вяртанне» (словы В. Тараса), якая, урэшце, як стылізацыя, перарастае ў сцэнку з пасляваеннага часу - з горыччу і святлом у вачах, са шклянкамі гарэлкі, з інвалідамі і зухаватымі песнямі. Ды ўжо ніяк нельга пагадзіцца з такой інтанацыйнай афарбоўкай песень «Перад атакай» (словы С. Гудзенкі) і «Балада пра фотакартку» (словы В. Тараса). Толькі асаблівы, крыху халаднаваты тэмбр голасу В. Дайнекі, які надае твору адценне ўспамінаў, выратоўвае «Баладу...» ад безгустоўнага гучання.

«Пісьмо беларускіх партызан...» (словы Р. Барадуліна), акрамя прыкрасці, выклікае жаданне напісаць «Адкрытае пісьмо слухачоў...» Музычная мова песні вельмі ўдалая як стылізацыя пад народную партызанскую, а тэкст... Паверце, я не ханжа, і, магчыма, варта было пашукаць нейкія рэжысёрскія матывіроўкі для гэтай песні, ды наогул жа, гэткія пасажы на тэму вайны арганічна маглі б успрымацца, у лепшым выпадку, у прыпеўках саракавых гадоў...

Зварот да твораў буйных паэтаў для «Песняроў» ужо традыцыйны, у іх праграмах гучала паэзія Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Яўгенія Еўтушэнкі. I вось — Маякоўскі. Не варта, відаць, цяпер гаварыць пра творы паэта, адабраныя У. Мулявіным (хоць і тут ёсць пра што паразважаць). Адзначу толькі, што аб'ёмная, стамляльная для праслухоўвання (і для выканання, напэўна, таксама) кампазіцыя «Лілечка (замест пісьма)» — гэта «перапевы» больш ранніх муліявінскіх кампазіцый: «Ванька - ўстанька», «Крык птушкі», «Готыка святой Анны». Розніца толькi ў тым, што ў новай рабоце няма ні яркіх меладычных знаходак, ні цікавай формы, ні выразнай кульмінацыі.

... Дык чым жа жывіцца добрая слава? Публіка на цяперашніх канцэртах «Песняроў» паводзіла сябе, у асноўным, стрымана, бісіраваць не прасіла, і само сабой з'явілася апасенне, што вось зараз, у нас на вачах знікае заўсёдная песняроўская чароўнасць...

Ад добрага сэрца, з глыбокай павагай да беларускіх музыкантаў хочацца ўсё-такі верыць, што магчымыя будучыя сустрэчы з імі вернуць нам нашу старую любоў да «Песняроў».

В. Манетава,
музыказнавец.

Лiтаратура i мастацтва

06.06.1986

Сканы стр. 1

Прислала Ольга Монетова-Фёдорова

Назад к списку статей


Пожалуйста, поддержите финансово данный проект

Перевод на счёт PayPal


© Терёхин Дмитрий 2004-2017