Виртуальный музей ансамбля ПЕСНЯРЫ
Информационная страничка Хронологии Энциклопедия Библиотека Участники Медиа


На ўвесь голас

Прэм'ера Беларускага дзяржаўнага эстраднага ансамбля "Песняры"

Беларускую эстраду ўжо немагчыма ўявіць без творчасці "Песняроў". Не проста папулярнасць заваявалi яны ў рэспубліцы, у краіне і за мяжой — папулярнасць хутка лрыходзіць і таксама хутка адыходзіць. Ансамбль "Песняры" вядомы з 1969 года і дасюль з гонарам трымае сваю высокую творчую рэпутацыю. Колькі за гэтыя васемнаццадь гадоў успыхнула і патухла эстрадных зорак, колькi мы бачылі ўзлётаў і заходаў, колькі "новых" і "звышновых" павеваў прыйшло і адышло, а "Песняры" ўпэўнена і ўпарта крочаць сваёй адметнай дарогай, кожнай работай раскрываючы ўсё новыя, часта неспадзяваныя свае магчымасці.

Мы даўно прывыклі, што нячастыя выступленні "Песняроў" у родным горадзе, як правіла, — прэм'еры новых буйных твораў Уладзіміра Мулявіна, музычных спектакляў, кожны з якіх рабіўся адметнай з'явай і ў ягонай кампазітарскай творчасці, і ў сучаснай эстраднай музыцы. Кампазіцый, прынцыпова не забаўляльных па задуме і ўвасабленні, ідэйна значных як для нацыянальнай, так і для агульнасаюзнай эстраднай музыкі.

I вось — новы спектакль "Песняроў", кампазіцыя У. Мулявіна "На ўвесь голас" на паэтычныя тэксты Уладзіміра Маякоўскага. Маякоўскі і "Песняры" — спалучэнне нечаканае і нават парадаксальнае. Гіэўна, ніводная з папярэдніх работ У. Мулявіна не чакалася з такім прадчуваннем нязвыклага, нават з недаверам — і калег-музыкантаў, і шырокай публікі. Нядобразычліўцы адкрыта прарочылі правал, але і прыхільнікі "Песняроў" не без сумненняў чакалі прэм'еру: "А раптам не атрымаецца?"

Нарэшце, прэм'ерныя спектаклі ў Мінску. I першае, самае непасрэднае ўражанне: "Атрымалася!"

Так, новая работа У. Мулявіна сталася значнай падзеяй нашага музычнага жыцця, і ў кантэксце сённяшняга дня яна вартая сур'ёзнага асэнсавання.

"Песняры" выступалі ў абстаноўцы сапраўднай сур'ёзнай прэм'еры. Перапоўненая зала, чуйная ўвага публікі; агульны настрой хутчэй "філарманічны", а не "эстрадны"; чаканне значнай падзеі. Публіка даўно ўжо выхавана "Песнярамі" так, што чакае ад буйных кампазіцый У. Мулявіна не забавы: людзі прыходзяць слухаць, адчуваць і думаць, настройваюцца на работу душы. Так было і цяпер.

Напружана і чуйна ўваходзілі слухачы ў складанае, шматпланавае, кантрастнае развіццё музычнага дзеяння. Лірыка і сарказм, гумар і трагічная споведзь, гратэск і ўзвышана-філасофскі роздум, — кожны паварот у кампазіцыі выклікаў адпаведную эмацыянальную рэакцыю гледачоў. Унутранае напружанне, якое працінала ўсё дзеянне, узрастала да фіналу і перадавалася зале, арганічна перайшло ў бурную авацыю ў канцы спектакля. Пэўна ж, у зале былі не толькі даўнія прыхільнікі таленту У. Мулявіна — былі і скептыкі, было шмат "навабранцаў" ад пятнаццаці да дваццаці гадоў. Ды калі апладысменты перакрываюцца воклічамі "брава!", калі шчаслівага аўтара не бачна за ахапкам кветак, што нясуць яму на сцэну дзесяткі людзей, калі публіка наладжвае артыстам авацыю, — можна не сумнявацца: гэта перамога. Сур'ёзная творчая перамога.

Музычная драматургія спектакля дынамічна сплятаецца з трох асноўных ліній. Зменлівы, шматгранны свет, у які паступова ўваходзіць Паэт, асэнсоўвае сваю ў ім ролю, — гэта першая лінія развіцця (з другога па дзевяты нумары). Поўны іроніі, гратэску вострапубліцыстычны пратэст Паэта супраць усяго, што перашкаджае дабру і справядлівасці перамагаць у жыцці і ў душы чалавека, — гэта другая музычная лінія кампазіцыі (нумары 11—16). I, нарэшце, трэцяя лінія — ключевыя для сэнсу спектакля маналогі Паэта (першы, дзесяты і семнаццаты нумары): яны аб'ядноўваюць усё дзеянне, накіроўваюць думку і пачуццё, задаюць імпульс музычнаму развіццю.

Першы маналог Паэта — "Уважаемые товарищи потомки!" — сэнсавы пачатак спектакля. Тут ферміруецца ў стрыманым эмацыянальным ключы настрой роздуму, у музыцы пераважае дэкламацыя (усе маналогі Паэта выконвае У. Мулявін). Роздум пераходзіць у зварот непасрэдна да слухача, падводзіць да галоўнай думкі: "Я сам расскажу о времени и о себе". I разгортваецца шматвобразная стракатая карціна "часу".

Кампазіцыя першай часткі спектакля насычана кантрастамі. Яе эпізоды, змяняючы адзін аднаго, ствараюць атмасферу жарту, містыфікацыі ("Причешите мне уши"), дасціпнай іранічнай рэкламы ("Я сегодня бросил курить!"), свету сонечнага, даверлівага дзяцінства ("Крошка сын"), пяшчотнай лірыкі ("У меня есть мама"). Нават сам Паэт паўстае тут, у радасным свеце, юным, крышачку іранічным закаханым ("Облако в штанах"). Музыка першай часткі спектакля стварае атмасферу далёкіх 20-х, мудрагеліста змешваючы інтанацыі бытавой песні, раманса, характэрныя рытмы вальса, полькі, марша, галопа. Кампазіцыя "Праз усю вайну" пераканала ў здольнасці У. Мулявіна стварыць музычную атмасферу ваенных гадоў: ён нібы чуе тыя гады з 80-ых і гаворыць слухачу сучаснай, сваёй мовай, але менавіта пра ваенныя часы. I тут, у музычным спектаклі "На ўвесь голас", знаёмай, "мулявінскай" мовай загаварыла раптам з намі стракатая, дзівосная Масква 20-х гадоў, Масква Маякоўскага і Булгакава. I тут прабіваецца першая нотка трывогі ("Нет, не те — молодежь" — не, не ўсё бязвоблачна і ў юнацтве!).

Драматычная кульмінацыя гэтага своеасаблівага "першага дзеяння" спектакля — лірычны маналог Паэта "Письмо любимой". Гэта споведзь душы, якая спазнала горыч расстання і адзіноты. I тут выяўляецца дзівосны дар Мулявіна-меладыста, лірыка. Тут раскрываецца тонкі, датклівы і адначасова поўны высокай годнасці ўнутраны свет Паэта. Не дарэмна менавіта для гэтага моманту прыберагае кампазитар свой лірычны талент не раскрываючы яго цалкам нiдзе ў напярэдніх частках кампазиции. Напэўна, і паэтычныя "Звезды" ў выкананні В. Дайнекі лепш бы прагучалі перад гэтым маналогам, а не пасля?..

Другая частка кампазiцвыi. Паўтараюцца першыя радкі "Уважаемые товарищи потомки!", і маналог пераходзiць ў новую плоскасць: гэта ўжо гаворка Паэта-трыбуна, які актыўна ўрываецца ў жыццё. Тут Паэт ужо не проста жыве ў сваім свеце — ён выяўляе адкрыта і сумленна сваё стеўленне да гэтага свету. Ускладняюцца і музычныя вобразы, узмацняюцца кантрасты, больш складанай робіцца музычна-сцэнічная мова. Кожны з нумароў падаецца развітой музычна-дрематычнай сцэнай. Камічна-сур'ёзныя, з пародыяй на фальшывую патэтыку, сцэны "Путь по служебной лестнице" і "Заседание антиалкогольной компании" — і простыя, але такія сучасныя па сэнсе, з'едлівыя прыпеўкі пад гітару "Появились молодые"! Разухабіста-вулічная і горкая па сутнасці сваёй "Маруся отравилась" — і бліскуча-дасціпна інтэрпрэтаваны квінтэт бюракратаў "Прозаседавшиеся", дзе знакаміты песняроўскі вакал а капэла раптам абарочваецца ці не булгакаўскім гратэскам і аднаўляе ў памяцi бессмяротных герояў знакамiтага "Геркулеса" Ільфа і Пятрова. I, дайшоўшы да мяжы злога выкрывальнага сарказму, музычнае дзеянне раптам рэзка абрываецца.

Заключны маналог — вышэйшы пункт у развіцці самай галоўнай ідэі спектакля: раскрыццё душы вялікага Паэта. У гэтым маналогу арганічна сплаўлены чалавечыя і грамадзянскія пачуцці, роздум, вера і спадзяванне. I тут, у музычнай выснове ўсёй кампазіцыі, У. Мулявін дасягае эмацыянальнай вяршыні ў лiрыка-драматычным маналогу. Ад мяккіх, рамансавых першых слоў да напружанай, высокага напалу мелодыі-апафеозу разгортваецца музычная тканіна маналога. I самае галоўнае (а гэты ж тэкст усім даўно знаёмы) — ні кроплі фальшу! Калі стрункая цішыня ўзрываецца авацыяй, зусім не падобнай да рэакцыі публікі на эстрадным канцэрце, яшчэ раз пераконваешся, што ў "Песняроў" — свае законы, свае шляхі ў мастацтве і яны вядуць па гэтых шляхах гледача, — свайго гледача.

Выдатна, што калектыў бачыць усё новыя далягляды — цяпер поўным ходам ідзе праца над шэдэўрам нашай нацыянальнай літаратуры "Тарас на Парнасе". Мы маем права чакаць ад нашага музычнага калектыву новых адметных работ: бо ўсё жыццё "Песняроў" — гэта ўпартая праца сапраўдных майстроў.

Людміла РАШЧЫНСКАЯ, музыказнавец.

ЛІТАРАТУРА I МАСТАЦТВА 01.01.1988

Сканы стр. 1

Прислала Ольга Монетова-Фёдорова

Назад к списку статей


Пожалуйста, поддержите финансово данный проект

Перевод на счёт PayPal


© Терёхин Дмитрий 2004-2017