Виртуальный музей ансамбля ПЕСНЯРЫ
Информационная страничка Хронологии Энциклопедия Библиотека Участники Медиа


Косіць Ясь канюшыну... у Лос-Анжэлесе

МАНАЛОГІ БЫЛОГА САЛІСТА "ПЕСНЯРОЎ" АНАТОЛЯ КАШАПАРАВА 3 НОТКАМІ САМОТЫ I АПТЫМІЗМУ

Чуў, канешне, чуў — і здзеклівае, і зняважлівае: на чужыну з'ехаў, бізнесам заняўся, эстрадзе здрадзіў...

А між іншым, усё зусім не так.

Час развітвацца з "Песнярамі" некалькі гадоў назад прабіў. Усё на свеце нараджаецца, жыве, памірае. Адчуў я, што вычарпаў сябе ў славутым ансамблі, хаця ён і сёння застаецца для мяне родным.

Увогуле, "Песняры" ёсць "Песняры". Гэта — эпоха ў беларускай эстрадзе. Калі цяпер на канцэрт папулярнай рок-зоркі валам валяць у асноўным яе аднагодкі — гэта адно, а калі "Песняры" давалі па чатыры канцэрты ў дзень у Палацы спорту і цяжка было вызначыць, каго сярод публікі болей — старых ці маладых, і білетаў на канцэрт не дастаць — гэта зусім іншае. Цяпер нават на Пугачову так не ідуць. Свет перакуліўся...

Усё атрымлівалася ў "Песняроў" — і эстрадная класіка (прыгадаць хоць бы "Долю", "Гусляра"), і гэтак званая поп-музыка. Дапусцім, тая ж "Вологда". Мы, дарэчы, зрабілі яе з Мулявіным за якіх паўгадзіны, па просьбе Міхаіла Матусоўскага, напярэдадні яго творчага вечара. Сам я баяніст, таму хутка злавіў патрэбныя інтанацыі, а пра музычны талент Мулявіна і гаварыць не варта. Рыхтавалі гэты твор, шчыра кажучы, як аднадзёнку, а атрымалася... Нядаўна прыехаў у Мінск, уключыў радыё — "Вологда" ў маім колішнім выкананні! Нават для мяне феномен такога доўгага жыцця песні крыху загадкавы...

Я і цяпер не парываю сувязей з "Песнярамі". Калі прыязджаю ў Мінск, абавязкова шукаю сустрэчы з імі. Запісваю з гэтым абноўленым музычным калектывам песні. У адзін з навагодніх "агеньчыкаў", напрыклад, у праграму "Песню бярыце з сабою"...

Спрабаваў у Амерыцы адшукаць Лёшу Барткевіча, але пакуль марна: у іх памяняўся тэлефон, відаць, пераехалі на новае месца...

Дык вось, пад час развітання з "Песнярамі" я якраз скончыў завочна "ГИТИС" (Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва імя Луначарскага ў Маскве), па спецыяльнасці рэжысёр эстрады і музычных тэатраў. Хацелася паспрабаваць сябе ў іншай, новай якасці. Самастойнасці карцела...

А тут, як кажуць, "і масць пайшла". Адзін мой знаёмы з Дзюсельдорфа, вялікі аматар "Песняроў", гаспадар маладзёжнага клуба, запрасіў мяне ў якасці саліста. Я захапіў з сабой некалькі мінусавых фанаграм (гэта значыць, запісаных на магнітную стужку аркестровак), у асноўным на музыку Зміцера Яўтуховіча, і паехаў. Наша супрацоўніцтва аказалася даволі плённым, і мой кантракт быў працягнуты.

Так у мяне назапасіўся першапачатковы капітал, які даў мне магчымасць пракласці новы маршрут: Дзюсельдорф — Лос-Анжэлес у Злучаных Штатах Амерыкі. Зноў жа, ехаў да добрага знаёмага, уладальніка двух начных клубаў — "Арбат" і "Москаў найт".

Дарэчы, у многіх нашых людзей, наколькі я ведаю, даволі скажонае ўяўленне пра такія клубы. Яны як бы пераносяць паняцце "начны клуб" на нашу глебу з усім, што адсюль вынікае. А па-амерыканску — гэта нешта накшталт утульных культурна-відовішчных цэнтраў, дзе пад вечар распачынаюцца маляўнічыя і надзвычай прафесіянальныя музычныя шоу, наладжваюцца выставы, дыскусіі, а пасля публіка можа павячэраць, паслухаць пры гэтым выканаўцаў розных стыляў і жанраў.

Мару зрабіць праграму ў адным з названых клубаў з ансамблем "Песняры". Раблю для гэтага пэўныя захады і веру, што надыдзе дзень, калі мая ідэя стане рэальнасцю.

А працаваць там даводзіцца з поўнай адказнасцю, бо людзей ацэньваюць па канкрэтных справах, па тым, што ты робіш, а не па тым, што здольны зрабіць. Аднаго таленту мала, трэба яшчэ яго рэалізаваць. Спявала там, напрыклад, вядомая ў нас Агузарава. Уявіла сябе ледзь не марсіянкай. Пачала спазняцца на канцэрты. Адзін раз, другi . Гаспадар урэшце кажа: "Жанна, колькі можна?". А яна: "Ведаеце, электрычка з Марса затрымалася". I з ёю развіталіся...

Жыву ў чатырохпакаёвай кватэры, з дзвюма ваннамі, басейнам у двары, кандыцыянерам, іншымі зручнасцямі.

Легкавіка не маю, але ёсць мікрааўтобус "Караван".

Выхоўваем з жонкай Ларысай, якая, дарэчы, таксама мае да музыкі самае прамое дачыненне (яна — піяністка), дзвюх дачок. Малодшай — Дашы — чатыры гады. Спявае, выдатна танцуе. Старэйшай — Алёне — дванаццаць. Добра валодае англійскай мовай.

Сам я англійскай пакуль валодаю слабавата, але дастаткова, каб высветліць звычайныя побытавыя пытанні.

Вольны час бывае толькі ў выхадныя. Амерыканцы ўмеюць працаваць, умеюць i адпачываць. Уік-энд для іх — нешта святое i ледзь не рытуальнае. Прывучыўся адпачываць у выхадныя і я.

Што тычыць бізнесу... Я да яго толькі падступаюся, таму падрабязна гаварыць пра гэта рана. Адно магу засведчыць пэўна: ён у мяне будзе падпарадкаваны мэтам нашай нацыянальнай культуры. Мару, напрыклад, наладзіць на адным з канверсійных прадпрыемстваў Беларусі выпуск відэамагнітафонаў, а яшчэ — прафесійнай апаратуры для музычных калектываў, якой у нас так не хапае. Нам трэба ўздымаць узровень нашай эстрады, і без сучаснай тэхнікі тут не абысціся.

Пакуль, на жаль, пра нас вельмі мала ведаюць у свеце. I пра Беларусь у цэлым, і пра нашу культуру, мастацтва, спадчыну. Пра эстраду і гаварыць не хочацца. Калі ж якое-ніякое ўяўленне ў каго і ёсць, дык і яно надзвычай расплывістае. Папершае, мы ўсе, хто з былога СССР,— проста "рашн", гэта значыць, рускія. Па-другое, на замежныя эстрадныя падмосткі, як гэта ні сумна ўсведамляць, прарываюцца часцей за ўсё тыя, у каго локці вастрэйшыя, нахабства большае, ды партманеты важкія. Паслухаеш іх часам і падумаеш: ды гэта ж не нацкультура, а эрзац-культура.

Тыя ж амерыканцы пасміхаюцца: навошта вы гэтак амерыканізуецеся? Нам гэта не цікава, мы сваёй масавай культурай сытыя па горла, дайце нам сваё, адметнае, нацыянальнае, тое, чаго мы ніколі не чулі.

А што, нам няма чаго паказаць свету? Ёсць! Беларуская нацыянальная культура — надзвычай самабытная, каларытная, здольная закрануць самыя тонкія струны чалавечай душы. Культура ж Злучаных Штатаў — гэта сінтэзаваная культура многіх эміграцый, а ў нас яна — свая, асабістая, не падобная на іншыя, з глыбокімі, уласна нашымі, а таму — адметнымі каранямі. А мы нібыта саромеемся самі сябе, лічым сваё малавартасным, местачковым, падладжваемся пад тое, што Захад даўно адрынуў.

Увогуле ж, наша культура сёння знаходзіцца ў сумным становішчы. Гісторыя адкажа, хто і што таму віной. Ведаю, што рызыкую выглядаць рэтраградам, але зазначу, што нават у самыя змрочныя часы застою ў галіне культуры было больш ладу і парадку. Дзяржава куды больш, чым цяпер, падтрымлівала і мастакоў, і акцёраў, і пісьменнікаў. У сённяшніх жа "рыначных" (не магу не ўзяць гэтае слова ў двукоссе) умовах культурай часта кіруе непадуладная здароваму сэнсу стыхія. Адсюль — і вынікі...

Скажу пра тое, што мне найбольш баліць,— пра эстраду. Часам тэлевізар уключаць не хочацца, калі ў праграме значыцца эстрадны канцэрт, бо ведаеш, што абавязкова сутыкнешся з безгустоўшчынай, дылетантызмам, нізкапробнай самадзейнасцю. Розных груп, гуртоў, проста салістаў — безліч, а сапраўдных прафесіяналаў па пальцах пералічыць можна. Я не супраць пошукаў маладых выканаўцаў. Але навошта гэтак рэкламаваць і тыражаваць тое, што яшчэ не даспела, знаходзіцца толькі на шляху да майстэрства, на гэтым цяжкім, пакутлівым, часта няўдзячным шляху?

Зноў прыгадваю вопыт "Песняроў". Хоць бы нашу фірменную песню "Касіў Ясь канюшыну"... Як працавалі! I паспрабуй у час выканання хоць крышачку схібіць — скандал! Затое першымі мы былі ў славутай Калоннай зале, у канцэртнай зале "Расія", на Цэнтральным тэлебачанні. Высокая чысціня і культура выканання, звышпрафесіянальныя аранжыроўкі — без гэтага і Уладзімір Мулявін, і ўсе мы не ўяўлялі ансамбля.

I тым не менш, я — аптыміст. Веру ў шчаслівую зорку беларускага народа, у будучыню нашай культуры. Іначай проста быць не можа. I я ганаруся тым, што я беларус, адчуваю роднасць са сваёй зямлёю паўсюдна, куды б ні заносіў мяне лёс.

Анатолiй Кашапарав.

Фота Вiктара ЖЫЛIНА.

1993 год.

Сканы стр. 1 стр. 2

Прислал Иван Капсамун

Назад к списку статей


Пожалуйста, поддержите финансово данный проект

Перевод на счёт PayPal


© Терёхин Дмитрий 2004-2017